Формула выбару прафесіі: «Хачу? Магу? Трэба?»
Образование

Формула выбару прафесіі: «Хачу? Магу? Трэба?»

центр занятости

Менавіта яе могуць знайсці наведвальнікі ў інфармацыйнай зале аддзела па занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, размешчаным па адрасе: г. Лунінец, вул. Фрунзе, 12.

Акрамя таго, тут прапанаваны шматлікія тэматычныя памяткі аб прафесіях: швачка, юрысконсульт, фрэзероўшчык, інспектар па кадрах, аператар электроннага набору і вёрсткі, кабельшчык-спайшчык і іншыя. Асобна размешчаны звесткі аб рабоце за мяжой.

З інфармацыйных стэндаў можна даведацца аб пераліку асноўных накірункаў дзейнасці службы занятасці. Дарэчы, з іх і пачала гутарку галоўны спецыяліст Таццяна Яворская:

– Кансультацыю даем людзям па шматлікіх пытаннях. У першую чаргу датычаць яны працаўладкавання, рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага, атрымання дапамог, выдачы субсідый, падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі для атрымання новай прафесіі, запатрабаванай на рынку працы. Вырашаем і іншыя надзённыя задачы.

За перыяд з 1 студзеня па 24 лістапада 2015 года ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне звярнуліся 1624 чалавекі, з якіх 1237 атрымалі статус беспрацоўных. Гэта – больш, чым за аналагічны перыяд летась (адпаведна 1490 і 1104). Чаго нельга сказаць пра вакансіі. На пазначаную дату – 24 лістапада – наймальнікамі іх было заяўлена 122 (тады, як у 2014-ым – 320). Дарэчы, штодня звесткі абнаўляюцца. Знайсці іх можна як у нашай службе, так і самастойна на сайтах Брэсцкага аблвыканкама, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, у фае размешчаны інфа-кіёск з агульнарэспублікан-скай базай дадзеных.

Самымі запатрабаванымі на тэрыторыі Лунінеччыны застаюцца рабочыя прафесіі. Прычым, спецыялістаў не хапае ў сельскай мясцовасці. Гэта ветурачы, ветфельчары, вадзіцелі аўтамабіля, галоўныя аграномы і заатэхнікі, жывёлаводы, паляводы, аператары машыннага даення, трактарысты, інжынеры (па ахове працы, энергетыкі), электрагазазваршчыкі, электрамеханікі, медыцынскія сёстры.

Сёлета пры садзеянні нашай службы працаўладкаваны 1164 звярнуўшыхся грамадзян. Узровень беспрацоўя склаў 1,1 працэнта. У рамках праграмы “Маладзёжная практыка” з пачатку года знайшлі работу 4 чалавекі. Яшчэ 155 юнакоў і дзяўчат былі заняты часова на перыяд летніх канікул. У цяперашні час фарміруем спісы жадаючых працаваць на наступны 2016-ты. 9 грамадзян атрымалі субсідыі са сродкаў фонду садзейнічання занятасці для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, 45 – прайшлі навучанне запатрабаваным прафесіям. Дарэчы, заключаем трохбаковыя дагаворы з прад-прыемствамі. Апошняй, напрыклад, падрыхтавалі і працаўладкавалі групу з 11 качагараў. Магчымасцю пераехаць на новае месца жыхарства і работы на Гомельшчыну скарысталася адна сям’я.

Не забываем таксама пра тых асоб, якія згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 г. №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, абавязаны кампенсаваць расходы на ўтрыманне сваіх сыноў і дачок, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Такіх “гора-бацькоў” працаўладкавана  23.

Як паказвае практыка, каб не ся-дзець дома без справы, патрэбны жаданне і веды, а вопыт прыйдзе з часам. Адчайвацца ніколі не трэба. Тым, хто сапраўды хоча быць патрэбны грамадству, тут заўсёды дапамогуць.

Наталля ГРУДЗЬКО.

НА ЗДЫМКУ: работу на інфа-кіёску дэманструе галоўны спецыяліст Таццяна ГАРАГЛЯД.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть