Падарыць цяпло сваёй душы
КультураОфициально

Падарыць цяпло сваёй душы

semenchenko

Ці проста гэта – працягнуць руку дапамогі чалавеку, якога на трываласць выпрабоўвае жыццё, падкідваючы самыя складаныя задачы. Адказ, бадай, атрымаецца ў кожнага неадназначны. Але ёсць на Лунінеччыне ўстановы, дзе працуюць людзі з неймаверным пачуццём спагады, разумення чужога болю, дабрыні і міласэрнасці. Гэта – работнікі сацыяльнай службы.

У 16-ты раз сваё прафесійнае свята разам з калегамі адзначыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына СЕМЯНЧЭНКА. Падчас урачыстасці, якую тут ладзілі ўчора, шчырыя словы віншаванняў прагучалі для спецыялістаў з аддзелаў пенсій і дапамог, па быце, працы, занятасці. У падпарадкаванні знаходзіцца таксама тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У яго склад уваходзяць 7 аддзяленняў і філіял у Мікашэвічах, дзе ў бліжэйшай перспектыве адкрыецца аддзяленне для інвалідаў. А ўвогуле, у раёне працуюць 194 сацыяльныя работнікі, якія даглядаюць 689 адзінокіх, адзінока пражываючых і пажылых грамадзян.

– Новы год пачаўся ў нас з новаўвядзенняў, – расказала Ірына Міхайлаўна. – На падставе Указа №137 ад 11.04.2016 г. “Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння” пачала дзейнічаць рэформа па паэтапным павелічэнні ўзросту для афармлення працоўнай пенсіі. Так, у другой палавіне 2017-га за пенсіяй маюць права звярнуцца мужчыны, якія нарадзіліся ў першай палавіне 1957 года, і жанчыны, чый дзень нараджэння прыпадае на першае паўгоддзе 1962-га. Пэўныя карэкціроўкі напаткаюць і тых работнікаў, чыя дзейнасць звязана са шкоднымі ўмовамі працы. Нагадаю, што страхавы стаж павінен быць 16 год. Памер будучай пенсіі вылічваецца за 23 гады працоўнага стажу.

Летась з просьбамі палепшыць матэрыяльнае становішча звярнуліся 2625 чалавек. Адрасная сацыяльная дапамога бывае некалькіх відаў. Штомесячная выплачваецца на працягу паўгода тым, у каго сярэднедушавы даход сям’і не перавышае крытэрыю патрэбнасці. Ён бярэцца за ўвагу і для назначэння аднаразовай адраснай дапамогі тым, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Не застаюцца сам-насам з праблемамі людзі, якія маюць патрэбу ў сродках рэабілітацыі.

Зараз на ўліку па беспрацоўю стаяць 302 чалавекі, а ўсяго летась у аддзел па занятасці звярнуліся 1722 жыхары Лунінеччыны, з якіх 1269 атрымалі статус беспрацоўных. Пры нашым садзейнічанні работу знайшлі больш як 1280 чалавек.

Нездарма наша прафесійнае свята адзначаецца напярэдадні Нараджэння Хрыстова. У гэтыя дні мы зычым адзін аднаму здароўя, дабрабыту і даўгалецця. Імкнемся падарыць увагу і клопат тым, хто знаходзіцца побач, падзяліцца з імі цеплынёй сваёй душы. Віншую калектыў упраўлення і ветэранаў са святам, жадаю толькі цудоўных падзей, поспехаў у рабоце, добрага настрою!

poturaj
16 год таму на базе аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму адкрыўся Лунінецкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які ўзначаліла Тамара ПАТУРАЙ. Летась тут адкрылася цырульня, дзе прапаноўваюцца стрыжкі па сацыяльна нізкіх цэнах.

 

socsluzhba

Прыклад дабрыні і спагады можна смела браць з сацыяльнага работніка Святланы ВЕРАС з Лунінца. Сёлета яна будзе прымаць віншаванні з 20-гадовым юбілеем у прафесіі.

Дапамога даўно стала для яе галоўным словам. Гэта звычайныя бытавыя клопаты: купіць прадукты, прамтавары, зрабіць уборку, прыгатаваць абед, збегаць у аптэку, правесці ў бальніцу, аформіць даведку ў якой-небудзь дзяржаўнай установе. Нічога яркага, гераічнага, неардынарнага… Падапечнымі, як правіла, з’яўляюцца адзінокія пенсіянеры, інваліды. Зараз Святлана Уладзіміраўна даглядае 8 лунінчан. Самыя старэйшыя – 94-гадовая Ядвіга Кацуба, 93-гадовы Павел Дабрынец, 92-гадовая Ніна Сімкіна, 89-гадовая Ніна Журынок. Узрост, асабістыя рысы характару, пэўна, уплываюць на агульныя стасункі, але жанчына падабрала свой ключык да кожнага сэрца. Больш таго, любові і ўвагі хапае на блізкіх – дачок Сняжану, Анжэлу і Надзею, унукаў Юльку, Ганначку і Ромку. І нават цяпер, азіраючыся назад, Святлана Уладзіміраўна ні разу не пашкадавала аб сваім прафесійным выбары.


Зрабіць камфортным і ўтульным часовае пражыванне ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для людзей пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН  паспяхова ўдаецца калектыву на чале з загадчыцай Юліяй Лосіч.

socsluzhba-03
Разам з калегамі ў снежні адзначаць 10-годдзе “Дома састарэлых” сацыяльны работнік Святлана БУТ-ГУСАІМ, малодшая медсястра па догляду за пражываючымі Тамара ГАЛКА і загадчыца Юлія ЛОСІЧ

Сёння тут займелі “дах над галавой” 20 грамадзян, старасць якіх саграваюць клопатам і ўвагай медсёстры Ніна Сахно, Кацярына Брэзіна, Галіна Чарнавокая і Святлана Кацуба, сацыяльныя работнікі Раіса Несцяровіч, Таццяна Насковіч, Любоў Канапацкая, Ганна Макейчык. Медыцынскім абслугоўваннем падапечных займаецца ўрач Таццяна Мацкевіч. Адразу некалькі абавязкаў – загадчыка па гаспадарчай частцы і рабочага па комплекснаму абслугоўванню будынка – ускладзены на Аляксандра Зышчыка. Пра агульны дабрабыт насельнікаў аддзялення клапоцяцца вадзіцель Павел Кузьміч і качагар Павел Канапацкі.

Каб разнастаіць звычайныя будні бабуль і дзядуль, сюды часта прыходзяць госці. Гэта вучні і настаўнікі з СШ №2 г. Лунінца, гімназіі райцэнтра, самадзейнікі з ГДК, работнікі цэнтральнай раённай аптэкі №68, прыхаджане царквы хрысціян веры евангельскай і іншыя.

socsluzhba-04
Лунінчанцы Кацярыне СЕМЯНОК мерае артэрыяльны ціск падменная медсястра Марыя САФАНОВІЧ
socsluzhba-02
Заўсёды ўдзячныя словы чуе ў свой адрас кухонны работнік Анжэла ІОВІЧ

 

socsluzhba-05
Самабытныя рэчы нашых продкаў у этнаграфічным кутку прыцягваюць увагу лунінчанак Святланы ФІЛІНОВІЧ, Надзеі ДАВЫДЧЫК, Ірыны ЛЮДВІЧЭНКА, Ганны КАНАПАЦКАЙ з Дзятлавіч, Алены КУРЫЛОВІЧ і Вольгі КАНАПАЦКАЙ

Акружыць клопатам і ўвагай

67 пенсіянераў імкнецца калектыў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН на чале з загадчыцай Святланай Філіновіч. Дапамагаюць ёй спецыялісты па сацыяльнай рабоце Ірына Людвічэнка і Вольга Канапацкая.

Спрыяюць плёну сацыяльна-бытавая адаптацыя, арганізацыя клубнай і гуртковай работы, валанцёрская дзейнасць, прававыя кансультацыі, духоўныя сустрэчы і іншае. Увогуле, мінулы год быў багаты на разнастайныя мерапрыемствы. Сярод навінак – адкрыццё кансультацыйнай пляцоўкі “Клопат”, “Школы бяспекі”, “Школы здароўя”. Акрамя таго, пачала працаваць праграма “Санаторый на даму”. Не страчваюць папулярнасці ў наведвальнікаў клубы: праваслаўны – “На крылах веры”, вакальны – “Вытокі”, жартаў і гумару – “Смехатэрапія”, валанцёраў – “Дзверы міласэрнасці”. Сваіх прыхільнікаў займелі гурткі – псіхалагічны, садова-агародніцкі, “Вандроўнік”, “Сакрэты даўгалецця”, “Натхненне”, “Дамашні ачаг”, “Сінема”. У канцы студзеня чакаецца выпуск 12-ай групы навучэнцаў курсаў камп’ютарнай адукаванасці. Дарэчы, з гэтага года курсы ўжо сталі платнымі. А напярэдадні Ражства Хрыстова ў этнакутку прайшоў абрад “Вячоркі”, прысвечаны каляднай куцці. Упэўнены, што творчага запалу і энергіі калектыву не займаць, а, значыць, сёлета добрыя традыцыі будуць працягнуты, а новыя задумкі знойдуць увасабленне ў жыццё.


 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть