«Прамая лінія»: адказвае галоўны ўрач Святлана Хлебус
Прямая линия

«Прамая лінія»: адказвае галоўны ўрач Святлана Хлебус

У ходзе “Прамой лініі”, якая на мінулым тыдні прайшла ў рэдакцыі “ЛН”, на пытанні жыхароў раёна адказвала галоўны ўрач установы аховы здароўя “Лунінецкая цэнтральная раённая бальніца” Святлана ХЛЕБУС.

Людміла Трухановіч, Лунінец. Добры дзень, Святлана Іванаўна! Звяртаюся са сваёй праблемай да вас, бо ў паліклініцы яе вырашыць не змаглі. Справа ў тым, што я хачу памяняць участковага тэрапеўта. Што для гэтага трэба?

– Вас нешта не задавальняе ў рабоце ўрача, які ёсць на вашым участку?

– Не магу так сказаць. Але, ведаеце, узрост у мяне сталы, а ўчастковы ўрач у нас мужчына, і мне не заўсёды ёмка абмяркоўваць з ім некаторыя праблемы, якія датычаць здароўя. Думаю, жанчына, мяне зразумела б лепш.

– Дарэмна так думаеце: кваліфікацыя ўрача залежыць, перш за ўсё, ад яго прафесійных навыкаў і вопыту, а не ад таго, мужчына ён ці жанчына. Але ж гэта ваша права. Тым больш, што ў нас дастаткова выдатных тэрапеўтаў-жанчын. Замацуем вас за ўчасткам, дзе ўрачом Таццяна Уладзіміраўна Бендасава. Так што, цяпер талончык бярыце да яе. На медыцынскай картцы будзе пазначана, што вы на яе ўчастку. Разам з тым, вам трэба памятаць, што пры выкліку ўрача на дом вас будзе ўсё роўна абслугоўваць ранейшы тэрапеўт.

– Яшчэ адно пытанне. Раней, каб трапіць да вузкага спецыяліста, дастаткова было папярэдне запісацца на прыём. Цяпер жа трэба браць талон да ўчастковага тэрапеўта і спачатку ісці на прыём да яго, бо толькі ён, аказваецца, можа даць накіраванне да вузкага спецыяліста.

– Пацыенты, якія стаяць на дыспансерным уліку ва ўрача-неўролага, эндакрынолага, кардыёлага запісваюцца на прыём да гэтых спецыялістаў самастойна, мінуючы тэрапеўта. Тыя ж, хто не знаходзіц-ца на дыспансерным уліку, павінны спачатку пабываць ва ўчастковага тэрапеўта, які вырашае, паказана вам кансультацыя вузкага спецыяліста ці не. Гэта патрабаванні Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Думаю, што на такі крок вымушаны былі пайсці з мэтай змяншэння чэргаў да вузкіх спецыялістаў і з тым, каб да іх, у першую чаргу, траплялі тыя, каму гэта насамрэч неабходна. Асабліва, калі ўлічыць, што ў раёнах (не толькі ў нашым) дагэтуль адчуваецца пэўны кадравы голад. Дарэчы, менавіта па гэтай прычыне, пачынаючы з 2017 года, пацыенты, якія стаяць на дыспансерным уліку ў эндакрынолага з дыягназам цукровы дыябет ІІ тыпу і атрымліваюць таблеціраваныя цукрапаніжаючыя прэпараты, таксама пераведзены пад назіранне ўчастковых тэрапеўтаў. Эндакрынолагам яны кансультуюцца адзін раз у год. Не хапае ў нас сёння і неўролагаў: у паліклініцы працуе пакуль толькі адзін доктар такога профілю. Ён фізічна не здолее прыняць усіх, хто пажадае да яго звярнуцца. Таму і вымушаны па-свойму рэгуляваць патокі пацыентаў да такіх спецыя-лістаў. Гэта аднак не значыць, што хворыя неўралагічнага профілю застануцца без дапамогі: тыя, каму яна і сапраўды паказана, абавязкова яе атрымаюць.

Тэлефаную з Вулькі 2. Мяне вельмі хвалюе лёс сям’і сына. Ажаніўся ён больш як 5 год таму, але дагэтуль Бог не паслаў дзетак. Скажыце, куды звяртацца з нашай бядой? З нявесткай яны ездзілі ў прыватную клініку ў абласным цэнтры, але зрухаў ніякіх… Нявестка добрая, кватэру нядаўна купілі, але вельмі ж засмучае адсутнасць дзяцей.

– Скажу адразу: не думайце, што вы адзінокія ў такіх праблемах. Падобных сітуацый сёння нямала, і выйсце з іх ёсць. Па-першае, парам пры рэгулярным палавым жыцці на працягу года і больш і адсутнасці пры гэтым наступлення цяжарнасці першаснае абследаванне па бясплоддзю (а гэта лабараторныя аналізы, агляд тэрапеўта і іншых спецыялістаў) трэба прайсці ў раённай паліклі-ніцы. Жанчыны накіроўваюцца да ўрача-гінеколага, мужчыны – да ўрача-уролага.  Па-другое, калі прычыны бясплоддзя ўстанавіць не ўдалося ці трэба ўдакладніць план вядзення пацыентаў, пара можа быць накіравана ў Пінскую цэнтральную раённую паліклініку ці медыка-генетычную кансультацыю Брэсцкага абласнога радзільнага дома. І нарэшце, пры змешаных і камбінаваных формах бясплоддзя і неабходнасці правядзення дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій (ЭКО ці ІКСІ) муж і жонка накіроўваюцца ў РНПЦ “Маці і дзіця”. Але паўтараю, перш-наперш трэба звярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства.

Ганна Грудзько, Міжлессе. Мне зрабілі аперацыю па выдаленню часткі шчытападобнай залозы. Скажыце, ці абавязаны мне прызначыць групу інваліднасці?

– Групу інваліднасці ўстанаўлі-вае не паліклініка, а медыцынская рэабілітацыйна-экспертная камісія, якая па графіку, звычайна 1 раз у месяц, прыязджае да нас з Баранавіч. Але зыходзячы з медыцынскай практыкі, магу сказаць, што калі выдаляецца частка шчытападобкі, то група інваліднасці звычайна не даецца. Памятаю выпадкі, калі не прызначалі інваліднасць нават пры поўным выдаленні шчытападобнай залозы. І ўсё ж пытанне гэтае дастаткова складанае і прадугледжвае цэлы комплекс даследаванняў, якія павінны даць звесткі пра тое, спраўляецца застаўшаяся частка шчытападобнай залозы з ускла-дзенымі на яе функцыямі ці не. Вам варта звярнуцца да эндакрынолага.

Васіль Непапушч, Чэрабасава. Пасля перанесенага інсульту

ў мяне была ІІІ група інваліднасці. Нядаўна яе знялі. А я сябе адчуваю дрэнна, хаджу з цяжкасцю, нямеюць пальцы на руцэ. Ці нельга аднавіць мне інваліднасць?

– Васіль Пятровіч, вам, як і папярэдняй жанчыне, што тэлефанавала, тлумачу, што ў паліклініцы групу інваліднасці не даюць. Але калі вы дрэнна сябе адчуваеце і лічыце, што знялі яе несправядліва, то вам варта звярнуцца да ўчастковага тэрапеўта, бо толькі ўрач можа ўбачыць, ці ёсць паказанні для даабследавання, назначыць яго і вызначыць далейшы алгарытм дзеянняў. Толькі пасля таго, як будзе, кажучы медыцынскай мовай, захаваны неабходны пратакол, можна прыступаць да афармлення дакументаў для пераасведчання. Але нават і ў гэтым выпадку няма ўпэўненасці, што рашэнне МРЭК будзе іншым, бо толькі за гэтай камісіяй – апошняе слова.

Таццяна Буневіч, Любань. Святлана Іванаўна, растлумачце, якія дзеянні ўрача ў выпадку павышанага артэрыяльнага ціску ў пацыента?

– Неабходна правесці медыкаментознае лячэнне, кантраляваць артэрыяльны ціск на працягу 30-40 хвілін. Калі ёсць для гэтага паказанні, адкарэкціраваць лячэнне. Калі ўрача выклікалі на дом і не паказана шпіталізацыя, звычайна рэкамендуем наведванне пацыента памочнікам урача. Пры неабходнасці можа быць назначана дадатковае абследаванне, каб устанавіць прычыну гіпертэнзіі.

– А ці практыкуецца ў вас планавая шпіталізацыя?

– Вядома ж. Паказаннем для планавай шпіталізацыі ў стацыянар якраз і з’яўляецца неабходнасць правядзення спецыяльных даследаванняў для ўдакладнення дыягназу, злаякасная артэрыяльная гіпертэнзія, цяжкасць падбору лячэння ў амбулаторных умовах. Ва ўсіх гэтых выпадках варта звяртацца да тэрапеўта ці ўрача агульнай практыкі ў амбулаторыю па месцы жыхарства. Планавыя пацыенты трапляюць у стацыянар па ўзгадненню участковых урачоў з загадчыкам аддзялення пры наяўнасці месцаў. Праўда, бываюць сітуацыі, калі на змяненне даты планавай шпіталізацыі ўплывае пагаршэнне агульнай сітуацыі з захворваемасцю. У звычайным рэжыме тое ж тэрапеўтычнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы, разлічанае на 60 ложкаў, на працягу дня можа прыняць да 7 пацыентаў пры сярэдняй працягласці лячэння 9,2 сутак. У вясенне-летні перыяд планавая шпіталізацыя ідзе па запісе. Але ў перыяды павелічэння колькасці выпадкаў прастудных захворванняў (што, дарэчы, адбываецца зараз), назіраецца высокая занятасць ложкаў і шпіталізуюцца ў першую чаргу пацыенты па экстранных і неадкладных паказаннях (пнеўманіі, вострыя каранарныя сіндромы, гіпертанічныя крызы, дэкампенсаваныя хранічныя захворванні). І ўсё ж, вырашэнне праблемы са шпіталізацыяй планавых хворых звычайна не адкладваецца ў доўгую скрыню, бо  медыцынская дапамога павінна быць даступнай і прадастаўляць яе трэба своечасова, паўсямесна і ў дастатковым аб’ёме. Але даступнасць гэта не значыць “я хачу” і абавязкова “тут і зараз”. Медыцынская дапамога для пацыентаў павінна быць абгрунтаванай у тым ліку і па чарговасці яе атрымання. Хуткая дапамога дзеліцца на экстранную і неадкладную, планавая – на тую, што аказваецца ў амбулаторных і стацыянарных умовах. Пацыенты пры планавым наведванні ўчастковага ўрача тэрапеўта павінны прыходзіць з мінімальным аб’ёмам абследавання, якое прызначае ўчастковы ўрач. Калі чалавек мае патрэбу ў неадкладнай дапамозе, а талона да ўрача няма, яго могуць накіраваць да памочніка ўрача ці ў даўрачэбны кабінет. Дарэчы, з нядаўняга часу ў паліклініцы для працаздольнага насельніцтва па суботах праводзяцца “Дні ўчастка” (для кожнага ўчастка – 1 раз у 2 месяцы), калі ўчастковы ўрач вя-дзе прыём толькі сваіх дыспансерных хворых. У гэты час можна здаць агульны і біяхімічны аналіз крыві, зрабіць электракардыяграму, трапіць да акушэр-гінеколага.

Анастасія Танчынская, Сінкевічы. Звяртаюся да вас са сваёй бядой. Сыну 54 гады. Перанёс два інфаркты, пасля чаго яму пажыццёва далі ІІІ групу інваліднасці. Але ён ледзь ходзіць. Патрэбна дапамога сацыяльнага работніка, бо сам сябе ён толкам абслугоўваць не здолее, а я яму нічым дапамагчы не магу – сама па хаце хаджу з табурэткай…

– Разумею вас, Анастасія Андрэеўна, але паўплываць на рашэнне МРЭК не магу. Верагодна, у камісіі былі падставы прызначыць вашаму сыну ІІІ групу інваліднасці. Заключэнне аб неабходнасці пастаяннага пабочнага догляду ўрач можа выдаць толькі інваліду І групы ці асобе, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту. Карыстаюцца паслугамі сацыяльных работнікаў і асобы, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, калі, вядома, ёсць для гэтага паказанні. А вашаму сыну, вы кажаце, яшчэ толькі 54 гады… Аднак адчайвацца няварта. Ведаю, што ў тэрытарыяльным цэнтры ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне могуць аказваць сацыяльныя паслугі на платнай аснове. Патэлефануйце 3-46-85, абмяркуйце магчымыя варыянты атрымання такой дапамогі.

Святлана Іванаўна, чыталі пра тое, што ў раённай бальніцы асвоілі метад лазернай каагуляцыі варыкозных вен. Калі аперацыі будуць пастаўлены на паток?

– Пачнём з таго, што аперацыі гэтыя платныя – ад 970 рублёў, што дарэчы, прыкметна менш, чым за падобныя ўмяшальніцтвы ў Брэсце ці Мінску. Абсталяванне дастаткова дарагое, аднак пайшлі на яго набыццё, бо варыкознае павелічэнне вен – дастаткова распаўсюджаная праблема. Па статыстыцы больш як палова жанчын і прыкладна столькі ж мужчын пакутуюць ад гэтай каварнай хваробы. А ў тым, што яна такая, сумнявацца не даводзіцца: варыкоз – гэта пагроза ўтварэння тромбаў, якія прыводзяць да трафічных язваў і могуць нават пагражаць жыццю. Раней хворую вену “выключалі” з крыватока дастаткова траўматычным спосабам – яе проста выдалялі. Сучаснае лазернае абсталяванне дазваляе праз невялікі пракол пад кантролем ультрагукавога датчыка трапіць у прасвет вены і ліквідаваць яе знутры. Самае непрыемнае ва ўсёй працэдуры – абязбольванне. Адразу пасля аперацыі некаторыя нават ідуць на работу. Няма касметычных дэфектаў, не патрэбен бальнічны (хаця пры неабходнасці яго могуць выдаць на дзень-два). Сёння метад лазернай каагуляцыі ўжо асвоены загадчыкам хірургічнага аддзялення ЦРБ. Неўзабаве на вучобу будзе накіраваны яшчэ адзін з урачоў. Так што, новы метад барацьбы з варыкозам вен у нашай ЦРБ, можна лічыць, прыжыўся і менавіта за такой сучаснай медыцынай – будучае.

 

Пытанне ад «Лунінецкіх навін»

Святлана Іванаўна, можаце лічыць гэта запытам ад дэпутата па Цэнтральнай выбарчай акрузе №35 Таццяны Вайцяхоўскай. Адначасова ведаю, што праблема хвалюе не толькі жыхароў маёй акругі, але і ўсяго раёна. Сёння інсульты і інфаркты мозга набываюць памеры эпідэміі. Гэтая грозная хвароба па колькасці выпадкаў смяротнасці спаборнічае з анкалогіяй. Разам з тым, калі чалавеку ўдаецца вырвацца з лап смерці, патрэбна доўгая, настойлівая і кваліфікаваная рэабілітацыя. У нашым раёне такое аддзяленне створана на базе Кажан-Гарадоцкай участковай бальніцы, але яно параўнаўча невялікае, і чарга жадаючых трапіць туды расцягваецца на доўгі час.

Ці не плануецца адкрыццё дадатковых ложкаў падобнага накірунку?

– Вы абсалютна правільна абазначылі праблему, і мы яе ведаем таксама.  Абмяркоўвалі перспектывы адкрыцця дадатковых ложкаў (не выключана, на базе іншых устаноў аховы здароўя) з раённымі ўладамі, выходзілі на абласное ўпраўленне аховы здароўя. Разуменне ёсць. Аднак пакуль гаварыць пра рэальнае ўвасабленне задумак у жыццё рана. Галоўнае, што мы трымаем іх у полі зроку. Між тым, запіс на рэабілітацыю ў адпаведным ад-дзяленні ў Кажан-Гарадку, як ні дзіўна, вызначаецца пэўнай сезоннасцю. Бывае час, калі чарга расцягваецца на месяцы, бывае, як зараз, – на тыдні. Вось, напрыклад сёння ідзе запіс на 15 снежня 2017 года. Даведкі па тэлефоне 71-304. Вядома ж, для таго, каб трапіць на рэабілітацыю, неабходна накіраванне ўчастковага ўрача.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть