Багацце ведаў і ўзлёт фантазіі – Са святам, лунінецкая гімназія!
КультураШкольный дневник

Багацце ведаў і ўзлёт фантазіі – Са святам, лунінецкая гімназія!

gimnaziya-luninec

У апошнія дні кастрычніка 25-гадовы юбілей святкуе лунінецкая гімназія. Зусім нядаўна гэта быў ліцэй. Заснаваная на базе школы-інтэрната, новая ўстанова вельмі хутка заявіла пра сваё існаванне перамогамі вучняў на прадметных алімпіядах, навукова-даследчых канферэнцыях і творчых конкурсах розных узроўняў. Стаўшы ўвасабленнем лепшых педагагічных традыцый раёна, гімназія сёння ўяўляе сабой элітную ўстанову адукацыі новай фармацыі. Расказвае дырэктар Аляксандр ГРУШЭЎСКІ:

grushevskij– Зараз у сценах гімназіі атрымліваюць адукацыю 356 навучэнцаў, якія сфарміраваны ў 15 класаў. Гэта прыкладна на 100 чалавек больш, чым у свой час у ліцэі. Сярод нашых вучняў не толькі жыхары райцэнтра. У інтэрнаце сёння пражывае 71 дзіця з розных населеных пунктаў Лунінеччыны, Піншчыны, Століншчыны і Ганцаўшчыны. Працаваць адначасова з такой колькасцю выхаванцаў дазваляюць  створаныя добрыя ўмовы, згуртаваны калектыў настаўнікаў, паміж якімі пануе ўзаемаразуменне.

Навучэнцы з дапамогай педагогаў спасцігаюць веды па фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным і філалагічным накірунках. Не так даўно ў нас паявіўся яшчэ адзін – педагагічны. Ён быў сфарміраваны да пачатку гэтага навучальнага года, а набор у клас праходзіў на конкурснай аснове. А яшчэ гімназія г. Лунінца з’яўляецца рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай  для праекта «Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі падчас яе прафесійнага станаўлення», якая рэалізуецца ў перыяд з 2015 па 2018 гг. Нягледзячы на некаторыя складанасці, з 1 верасня ў нас пачала функцыянаваць сістэма «Электронны дзённік і журнал». У наступным навучальным годзе да яе будуць далучаны ўсе класы. У рамках спецыяльнай рэспубліканскай праграмы ўсім неабходным лабараторным абсталяваннем забяспечаны кабінеты фізікі і хіміі. Маем мабільны лінгвістычны кабінет, які складаецца з 10 вучнёўскіх ноўтбукаў плюс адзін настаўніцкі. З атрыманнем новага статусу павялічылася колькасць гадзін, адведзеных для вывучэння нямецкай і англійскай моў. Акрамя таго, усе жадаючыя маюць магчымасць на факультатывах вывучаць французскую і польскую.

Сёння калектыў налічвае 46 чалавек. Характэрна, што 6 выпускнікоў ліцэя вярнуліся сюды настаўнікамі-прадметнікамі: Н.В. Алі-фяровіч, В.М. Дземянец, Л.А. Чарнавокая, А.Ю. Гопта, Г.І. Шчупак, Т.С. Кэлкэй. Для дваіх маладых спецыялістаў – Т.У. Капліч і А.Р. Арашкевіч – ліцэй стаў першым месцам працы, якому яны не здраджваюць па цяперашні час. І ўсё ж лепшым паказчыкам майстэрства любога педагога, на мой погляд, з’яўляюцца дасягненні вучняў. Сярод мноства ўзнагарод і дыпломаў за апошнія пяць год хацелася б асобна вылучыць пяць медалёў рознай вартасці, заваяваных на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях. З «золатам» вярнулася нядаўна са сталіцы гімназістка Ірына Грушэўская, якая ўдзельнічала ў конкурсе творчых работ «Гімн маці». Яго арганізавалі БДПУ імя М. Танка і Беларускі Саюз жанчын сярод студэнтаў, магістрантаў і навучэнцаў педагагічных класаў рэспублікі.

Немалаважны фактар эфектыўнасці работы калектыву –  паспяховая здача вучнямі ЦТ: больш як 90 працэнтаў нашых выпускнікоў штогод становяцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. 6 педагогаў і 21 вучань узнагароджаны прэміямі і стыпендыямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Раённыя ўлады клапоцяцца пра гімназію. За апошнія некалькі год звыш 4 мільярдаў недэнамінаваных рублёў  зрасходаваны на рэканструкцыю будынкаў. Прыведзены ў парадак харчблок і сістэма гарачага водазабеспячэння, устаноўлены сучасныя свяцільні і іншае электрычнае абсталяванне. З дапамогай фундатараў набылі цяпліцу з полікарбанату, дзе вырошчваем кветкі і іншыя расліны для азелянення тэрыторыі. Лішкі расады рэалізуем камунальнай службе.

За час існавання нашай установы навучэнцы і настаўнікі занатавалі шмат слаўных старонак у яе гісторыі. Верыцца, што яшчэ больш цікавых падзей і дасягненняў чакае ў будучыні. Таму ў юбі-лей хачу пажадаць, каб у сценах гімназіі кожны мог праявіць свае таленты і атрымаць неабходныя веды. Няхай ва ўсіх будзе шмат вялікіх перамог і дасягненняў, высокіх узнагарод, выдатных адзнак, цікавых мерапрыемстваў і вясёлых гісторый!

25 год гімназія з радасцю сустракае новых навучэнцаў і з сумам развітваецца з выпускнікамі. Усё мяняецца. Нязменным застаецца толькі адно – любоў і адданасць настаўнікаў сваёй прафесіі. У працы кожнага педагога гімназіі – творчасць, сіла духу і здольнасць суперажываць. Юбілей – гэта толькі хвілінны прыпынак для таго, каб азірнуцца назад, але працягваць шлях толькі наперад! З юбілеем, гімназія!

kulagaАляксандра КУЛАГА, дырэктар ліцэя з 1997 па 2007 гады «Думай добра і дасягай мэты!».

– У 2007-ым выйшла на заслужаны адпачынак, але і сёння справы гімназіі мне неабыякавыя. Радуюся за поспехі, за няўдачы – перажываю. Тагачасны ліцэй – не проста старонка, гэта – частка мяне, майго жыцця. Калегам і вучням жадаю дабрабыту, творчасці, пошукаў і задавальнення ад справы, якой яны служаць.

 

shhupakГанна ШЧУПАК, настаўніца англійскай мовы «Поспех не прыходзіць да цябе, ты ідзеш да яго!».

– Я сама выпускніца ліцэя 1997 года. Атрымаўшы адукацыю ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна, вярнулася на малую радзіму. Прыемна сустракаць сваіх настаўнікаў, якія сталі цяпер для мяне калегамі. Адчуваю, што тут магу павышаць  прафесійны рост і самаўдасканальвацца. Жадаю гімназіі актыўнага доўгага жыцця, яркага ўдзелу ў розных мерапрыемствах, канферэнцыях, перамог у конкурсах і алімпіядах не толькі на абласным і рэспубліканскім узроўнях, але і на міжнароднай арэне.

grushevskayaІрына ГРУШЭЎСКАЯ, настаўніца англійскай мовы «Дзеці цягнуцца да таго, хто сам цягнецца да іх, не можа жыць без іх, знаходзіць шчасце і асалоду ў зносінах з імі».

– У гімназіі працую з першага дня і магу з упэўненасцю сказаць, што тут знайшла сябе. Яшчэ ў 1996 годзе намаганнямі настаўніцы біялогіі Галіны Мікалаеўны Сіманавай у1996 годзе на базе тагачаснага ліцэя было створана навуковае таварыства экалагічнай накіраванасці “Зямляне”. Але з 2006-га мы пашырылі накірункі. Мне выпаў гонар стаць кіраўніком. Тут  навучэнцы займаюцца даследчай дзейнасцю, валанцёрствам і турызмам, развіццём інтэлектуальных здольнасцей, удзельнічаюць у канферэнцыях, міжнародных конкурсах. Наша “разыначка” – профільны аздараўленчы летні лагер, дзе хлопцы і дзяўчаты на працягу 9 дзён могуць не толькі пабываць на лекцыях выкладчыкаў з розных ВНУ, але цікава і разнастайна правесці час.

romanchukІрына РАМАНЧУК, бібліятэкар «Это труд мой, долг или забава, мудрости читателя учить. Мне дала судьба простое право: каждому читателю служить».

– 25 гадоў вяду чытачоў да дабра праз кнігі. Выступаю з дакладамі на розных навуковых канферэнцыях, удзельнічаю ў даследчых работах з вучнямі. Набываю для іх літаратуру з абменных фондаў бібліятэк – Нацыянальнай, Прэзідэнцкай, імя Якуба Коласа і Акадэміі навук. У век камп’ютарных тэхналогій вучні не вельмі любяць трымаць кнігу ў руках, але стараюся іх да гэтага далучыць. Цікаўлюся пажаданнямі, вяду картатэку запытаў. Ды і сама стараюся быць на адной хвалі з моладдзю, таму абавязкова чытаю і іх літаратуру.

oreshkevichАксана АРАШКЕВІЧ, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства «Каб быць добрым выкладчыкам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і тых, каму выкладаеш!».

– Узяўшы на ўзбраенне лепшыя традыцыі ліцэя, педагагічны калектыў дамогся таго, што сёння гімназія ўпэўнена ўваходзіць у лік лідараў сярод іншых устаноў адукацыі. Яна не стаіць на месцы, як і яе “жыхары”. Новае пакаленне – гэта новы час! І не патрэбна цягнуць дзяцей у свой. Неабходна самому вучыцца жыць у тым часе, у якім жывуць яны, твае вучні, каб дапамагчы ім знайсці сябе, не згубіцца і не адстаць.

kazun-viktorВіктар КАЗУН, настаўнік фізічнай культуры «Служыць правадніком у краіну здароўя!».

– Сваю працоўную дзейнасць у сценах гімназіі пачаў у 1992-ім. За ўсе гады гімназія стала заняткам, ад якога атрымліваю задавальненне. Для мяне няма былых вучняў, усе мы – вялікая, дружная сям’я! Штогод збіраемся з выпускнікамі на стаўшы ўжо традыцыйным турнір па валейболе. Вялікае шчасце для настаўніка бачыць сваіх выхаванцаў, якія ўжо адбыліся ў жыцці, але не забываюць урокі і з задавальненнем заходзяць і тэлефануюць.

denejkoВалянціна ДЗЯНЕЙКА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры «Быць прыкладам высокай маральнасці і добрасумленных адносін да справы».

– Дружалюбная атмасфера, маленькія класы, спагадлівы і чулы тагачасны дырэктар Віктар Аляксеевіч Фёдараў – такім успамінаю 1 верасня 1999-га. Праз 25 год магу ўпэўнена сказаць, што і сёння выбрала б педагагічную сцяжынку ў гімназію. Сюды ідуць вучні, у якіх ёсць жаданне вучыцца!

 

kazun-vkЧас імкліва імчыць наперад, змяняецца лад жыцця. Тыя прадметы побыту, без якіх не ўяўлялі свайго жыцця нашы бабулі і дзядулі, сёння – музейныя рарытэты.

Свой краязнаўчы куток “Беларуская хатка” ёсць і ў гімназіі г Лунінца. Ініцыятарам і натхняльнікам яго стварэння стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Канстанцінаўна КАЗУН. Цяпер тут, дзякуючы неабыякавасці калег, дзяцей і бацькоў, сабрана больш як тры сотні экспанатаў, якія дапамагаюць сучасным школьнікам адчуваць сваё дачыненне да беларускасці. У невялікім музеі праходзяць урокі, юныя знаўцы мовы і гісторыі рыхтуюцца да алімпіяд, а для гасцей гімназіі абавязкова арганізуюць экскурсію. Дарэчы, у ролі экскурсаводаў выступаюць самі выхаванцы, якія праводзяць расповяд пра мінуўшчыну на беларускай, рускай, англійскай і нямецкай мовах.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть