Школьный дневник

Сустрэча з юнацтвам

IMG_9642

За ўсе 40 год пасля школы я не памятаю такой цёплай і змястоўнай сустрэчы.

Выдатны быў вечар у самой Кажан-Гарадоцкай школе. Адчувалася: выпуск-нікоў тут чакалі і да спаткання з імі рыхтаваліся вельмі адказна. У святочна ўбранай зале гучалі светлыя словы віншаванняў і… школьны званок. Для нас – выпускнікоў. І не толькі ўчарашніх, але і тых, хто развітаўся са школай, як мы, доўгія 40 год назад. У той дзень мы не адчувалі ўзросту. Так сталася, што нас на вечары школьных сяброў было нашмат больш, чым іншых выпускаў – 20 чалавек. І ад гэтай адданасці дзяцінству і школьнаму брацтву, адчування таго, што мы – на вышыні, было хораша і радасна. І няхай хто-ніхто з цяжкасцю пазнаваў аднакласнікаў, затое якім шчырым было гэтае прыняцце нас, сённяшніх – пасталеўшых, адбыўшыхся ў прафесіях і жыцці.

Пасля цудоўнага канцэрта і прывітальных слоў дырэктара Сяргея Бірылы сабраліся ў кабінеце інфарматыкі. Да сустрэчы падрыхтавалі невялікую камп’ютарную прэзентацыю са старых фотаздымкаў “Чтобы вспомнить, какими мы были…”. Трэба было бачыць твары маіх дарагіх аднакласнікаў, калі яны на пажаўцелых ад часу фота пазнавалі сябе і сяброў. Потым пасядзелі за партамі ў родным кабінеце матэматыкі і сфатаграфаваліся ля школьнай дошкі…

Вядома, сустрэча з юнацтвам на гэтым не закончылася. Яна працягвалася за “кубачкам чаю” і шчырымі ўспамінамі пра бесклапотнае дзяцінства, школу і настаўнікаў. І якое шчасце, што ўдзел у ёй брала наша настаўніца беларускай мовы і літаратуры Варвара Аляксееўна Прохарава. Гэта ёй і ўсім нашым дарагім настаўнікам – тым, хто жыве, і тым, каго няма, – прысвячалі высокія словы ўдзячнасці і прызнання ў любові Валянцін Раінскі (г. Гомель), Аляксей Грыневіч (в. Краснае, Мінская вобласць), Сяргей Каратышэўскі (г. Мінск), Іван Астапчык (г. Брэст), Варвара Мацкевіч (в. Вольна Баранавіцкага раёна), Юрый Якубовіч (в. Белауша Столінскага раёна), Таццяна Малафейчык (г. Капыль), Адам Каратыш (г. Мінск), Міхаіл Ан-друш, Уладзімір Арашкевіч, Мікалай Малафейчык, Аляксандр Каратыш, Марыя Даўгавечная, Фёдар Бастынец, Таццяна Шкляр, Лідзія Якубовіч, Святлана Чарняўская, Віктар Вайцяхоўскі, Надзея Мікуліч і ваша пакорная слуга Таццяна Гусціновіч (усе – г. Лунінец і раён).

Мы не развітваліся, мы проста казалі : “Да сустрэчы! Да хуткай і радаснай новай сустрэчы ў роднай школе!”.

 

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть