Таццяна Захаркевіч, жыхарка аграгарадка Сінкевічы: «Быць мамай – велізарнае шчасце» (Лунінецкі раён)
МикашевичиНовости районаОбщество

Таццяна Захаркевіч, жыхарка аграгарадка Сінкевічы: «Быць мамай – велізарнае шчасце» (Лунінецкі раён)

Быць мамай – велізарнае шчасце, а ў мнагадзетнай дружнай сям’і яно памножана ў разы. І хоць мацярынства – няпростая і карпатлівая штодзённая праца, усе цяжкасці кампенсуюцца любоўю і шчаслівымі ўсмешкамі сыноў і дачок. Так разважае Таццяна Захаркевіч. Жыхарка аграгарадка Сінкевічы, якая працуе ў мясцовай сярэдняй школе, сярод іншых зямлячак удастоена высокай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Маці.

Таццяне – 41 год, мужу Сяргею – 48. Разам яны выхоўваюць 5 дзяцей – Дзмітрыя, Ганну, Арыну, Макарыя і Ангеліну. Старэйшаму сыну ўжо споўнілася 20, малодшай дачцэ – крыху больш за год. Жанчына з поспехам сумяшчае адразу тры ролі – любячай матулі, цудоўнай гаспадыні і проста шчаслівай жонкі.

– Я вырасла ў вялікай сям’і – у мяне ёсць яшчэ дзве выдатныя сястры. А Сяргей – адзінае дзіця,  – расказвае суразмоўніца.  – Нягледзячы на гэта, і ён, і я заўсёды марылі стаць мнагадзетнымі бацькамі.

З будучым мужам Таццяна пазнаёмілася на вяселлі ў сваякоў. На той момант яна была яшчэ падлеткам. Таму маладыя людзі даволі працяглы час проста сябравалі. У чарадзе сустрэч і тэлефанаванняў юнак з дзяўчынай  самі не заўважылі, як паміж імі ўзнікла нешта больш глыбокае і сур’ёзнае. Калі ж нарэшце ўсвядомілі, аднадушна вырашылі стаць адзіным цэлым і згулялі вяселле.

– Як і многім маладым се-м’ям, нам трэба было вырашыць жыллёвае пытанне, –  падкрэслівае Таццяна Ула-дзіміраўна. – Варыянтаў аказалася шмат. Але мы не спяшаліся, вывучаючы падрабязна кожную прапанову. Пры гэтым разглядалі выключна прыватны дом, а не кватэру ў шматпавярхоўцы.

Каб назаўжды «закрыць» жыллёвую праблему, Захаркевічам спатрэбілася амаль шэсць гадоў. Іх яны пражылі на малой радзіме Сяргея  – у вёсцы Чэрабасава. Для суразмоўцы гэта быў важны перыяд, які стаў своеасаблівым выпрабаваннем на вытрымку, дабрыню і цярпімасць. Бо ў хаце было нават не дзве, а адразу тры гаспадыні: мама Сяргея Фёдаравіча, яе свякроў і сама Таццяна. Зрэшты, яна з лёгкасцю прайшла жыццёвую праверку. Прадстаўніцы розных пакаленняў хутка знайшлі агульную мову, а нараджэнне старэйшых дзяцей  Дзмітрыя і Ганны яшчэ больш парадніла іх.

У 2006 годзе Захаркевічы купілі жыллё па завулку Завадскому ў Сінкевічах і назаўжды пераехалі ў аграгарадок. Гледзячы сёння на сучасны ўтульны дом з прыгожым, добраўпарадкаваным участкам, складана паверыць, што калісьці гэта была старая вясковая хата без выгод.

– Ад першапачатковага будынка зараз тут хіба што сцены, – смяецца Таццяна. – Мы перапланавалі памяшканні, павялічылі жылую плошчу, дзякуючы прыбудове, замянілі дах, устанавілі шклопакеты, абсталявалі ванны пакой, падлогі з падагрэвам і шмат іншых рэчаў, якія робяць існаванне сучаснага чалавека зручным і камфортным. Практычна ўсе будаўнічыя работы з Сяргеем выконвалі самастойна, прыцягваючы дзяцей па меры іх магчымасцей і сіл. Яны з маленства павінны з павагай адносіцца нават да самай цяжкай працы.

Асобная гутарка – інтэр’ер жылых пакояў і ландшафтны дызайн двара. Клапатлівыя гаспадарскія рукі адчуваюцца ў кожным кутку зямельнага ўчастка ў 30 сотак, які ўсё больш і больш нагадвае царства кветак і вечназялёных насаджэнняў. Адных толькі туй, якія Таццяна Захаркевіч вырошчвае самастойна, тут расце больш за 300 штук. Свой індывідуальны стыль мае і кожны пакой у доме. Так, калі ў гасцінай пераважаюць стрыманыя колеры, то ў дзяўчынак усё аформлена ў яркіх, апты-містычных фарбах. А вось самым любімым месцам для збору сям’і была і застаецца прасторная кухня – з вялікім абедзенным сталом і мноствам розных прыстасаванняў, якія палягчаюць жыццё гаспадыні.

– Гатую не таму, што трэба,  а займаюся гэтым з задавальненнем, атрымліваючы вялікую радасць ад самога працэсу, –  дэманструе абсталяванне кухні Таццяна. – Акрамя таго, сучасныя бытавыя прыборы дазваляюць карміць сям’ю смачнай, разнастайнай і карыснай ежай, зрабіўшы даступнымі і простымі нават самыя складаныя этапы прыгатавання той ці іншай стравы. Больш за ўсё любім выпечку, у тым ліку хатні хлеб, рэцэптаў якога ў нас ужо маецца цэлая калекцыя.

Дарэчы, у справе эфектыўнай арганізацыі ўласнага часу Таццяна Захаркевіч дасць фору любому навамоднаму коучу. Вось і падчас нашай гутаркі на кухні яна не сядзела на месцы, у тэмпе вальса рыхтавала для сям’і чарговы «перакус». На гэты раз – піцу.

– Трэба правільна расставіць свае прыярытэты, і тады будзеш хутка і своечасова спраўляцца з усімі справамі, незалежна ад таго, двое ці пяцёра дзяцей у цябе, – кажа вяскоўка. – Менавіта таму для аднаго, напрыклад, 10 хвілін – проста невялікі адрэзак часу, які можна правесці бязмэтна, для мяне ж – гэта магчымасць падмесці падлогу, памыць посуд або выканаць яшчэ нямала дробных спраў.

Таццяна Уладзіміраўна сапраўды выклікае захапленне і павагу. Муж Сяргей працуе механізатарам ААТ «Сінкевіцкі». Як вядома, пры ўсім жаданні, у аграрыяў не заўсёды атрымліваецца прысвячаць сям’і дастаткова часу. Таму, калі ён на рабоце, на жанчыне – дзеці, вялікі дом, агарод і гаспадарка. А яшчэ – велізарны ўчастак з бульбай, клубніцамі і малінай.

– Сезоннае вырошчванне ягад і агародніны – выдатная фінансавая дапамога. Так, толькі сёлета здалі нарыхтоўшчыкам больш за 3,5 тоны клубніц. А гэта нядрэнная капейка для любой сям’і, асаб-ліва – мнагадзетнай, – падкрэслівае гаспадыня. – У цэлым плануем усе свае выдаткі, а буйныя пакупкі імкнемся рабіць у крэдыт або растэрміноўку. Тым больш, што сучасны гандаль дае вялікі выбар розных варыянтаў…

І ўсё ж, як прызналася Таццяна Уладзіміраўна, дзеці – галоўны гонар для яе з мужам.  Пра іх найбольш красамоўна сведчаць шматлікія фатаграфіі, граматы, дыпломы і медалі ў сямейным архіве. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. У доме Захаркевічаў заўсёды пад-трымліваюць усе ініцыятывы сыноў і дачок, у тым ліку творчыя. Старэйшы сын Дзмітрый атрымаў спецыяльнасць электрыка ў адным з каледжаў райцэнтра і пайшоў па шляху бацькі: зараз працуе ў мясцовай гаспадарцы. Ганна заканчвае базавую школу, і пакуль не можа вызначыцца з будучай прафесіяй, вагаючыся паміж медыцынай і чыгункай. Арына сёлета ўпершыню села за школьную парту, а Макарый знайшоў новых сяброў у дзіцячым садзе. Усе чацвёра душы не чуюць у малодшай Ангеліне, дружнай камандай дапамагаючы сваёй любімай матулі спраўляцца з паўсядзённымі справамі.

– Дзеці – гэта вялікае шчасце ў доме і самы лепшы падарунак лёсу,  – гаворыць на развітанне Таццяна Захаркевіч. – І толькі ад дарослых залежыць, колькі гэтага шчасця будзе і чым стане родны дом – кры-ніцай бязладзіцы ці жыватворнага цяпла.

Наталля Лялюк

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть