Общество

Вуліца, вёска, Радзіма…

сялоМая родная вёска Кажан-Гарадок за апошнія гады змянілася непазнавальна. Магчыма, той, хто бывае тут нячаста, непрыемна здзівіцца слядам раскапаных вуліц і адсутнасці жыццясцвярджальных дымоў над хатамі, але я ведаю, што гэта – сведчанне новага, больш заможнага жыцця.
Колькі часу таму ў жыллё вяскоўцаў прыйшоў прыродны газ. За пошнія тры гады газіфікавана 560 дамоў. Яшчэ больш як паўсотні домаўладанняў рыхтуюцца атрымаць выгоду ў агляднай перспектыве. На газіфікацыю затрачана 10 мільярдаў 382 мільёны 538 тысяч рублёў. Прыкладна 60 працэнтаў – сродкі Сусветнага банка развіцця, 40 – рэспубліканскага бюджэту.
Вядома, той-сёй са скептыкаў можа запярэчыць: маўляў, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Кажан-Гарадок дагэтуль лічыцца забруджанай радыенуклідамі тэрыторыяй, і менавіта гэтая акалічнасць стала перадумовай бясплатнай для жыхароў газіфікацыі вёскі. Але ж хіба мала на прасторы памежных краін-суседзяў прыкладаў таго, як людзі апынуліся сам-насам з чарнобыльскай праблемай, імкнучыся супрацьстаяць ёй толькі ўласнымі сіламі? І хіба да чарнобыльскіх бедаў Украіне, якую сёння ўзрушваюць хваляванні зусім іншага кшталту?
У суседніх Дрэбску і Цне, ацаніўшы выгоды “блакітнага паліва”, таксама пачалі ствараць жыллёва-будаўнічыя кааператывы па падвя-дзенню прыроднага газу. Работы па пракладцы магістральнага газаправода – у разгары. Пройдзены самы складаны ўчастак – перасячэнне з чыгункай. Неўзабаве выгода паявіцца ў першых 340 дамах Дрэбска. На агульным сходзе створаны адпаведны кааператыў і ў Цне. Варта сказаць, што названыя вёскі хоць і не ўваходзяць у лік найбольш пацярпелых пасля катастрофы на ЧАЭС, карыстаюцца падтрымкай дзяржавы: прыкладна 70 працэнтаў кошту работ крэдытуецца на льготных умовах.
А нядаўна ў Кажан-Гарадку былі адноўлены работы па пракладцы водаправода і каналізацыйных сетак. Летась на гэтыя мэты выдаткавана амаль 2 мільярды рублёў. Цэнтралізаваная падача вады наладжана ў 125 дамоў, дзе пра гэтую выгоду раней маглі толькі марыць. Старшыня сельвыканкама Дзям’ян Бірыла растлумачыў, што на тэрыторыі вёскі зроблена некалькі вадаводных “кольцаў”. Агульная працягласць водаправодных сетак, пракладзеных летась, склала амаль 5000 метраў. Устаноўленая чатыры гады таму за бюджэтныя сродкі станцыя абезжалезвання (а кошт яе ў сённяшнім вылічэнні складае 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў) робіць у старажытным мястэчку ваду хіба што не крынічнай: па якасці яна адпавядае самым патрабавальным еўрапейскім стандартам.
Працягваецца ў вёсцы і рэканструкцыя электрычных сетак. Новыя апоры ўстаноўлены на многіх вясковых вуліцах. Сёлета гэтыя работы будуць працягнуты.
Адзінае, што зараз вельмі непакоіць кіраўніка мясцовай вертыкалі – добраўпарадкаванне вясковых вуліц. Штогод на гэтыя мэты з раённага бюджэту выдаткоўваецца да паўсотні мільёнаў рублёў. Пры тым, што рамонтныя работы – справа дастаткова дорагакаштуючая, грошай не хапае, а таму сродкі размяркоўваюцца і выкарыстоўваюцца вельмі ашчадна – на грэйдзіраванне адзін раз у месяц дарог з пясчана-гравійным пакрыццём і латанне – з асфальтаваным. Зіма зноў выявіла ў ім агрэхі, і неўзабаве, запэўніў Дзям’ян Сцяпанавіч, на вясковых асфальтаванках паявіцца спецыяльная тэхніка ДРБУ-101.
Крыўдна, праўда, што ад гэтай сумы штогод даводзіцца адрываць істотную долю для таго, каб ліквідаваць стыхійныя сметнікі, перыядычна ствараемыя людзьмі. Адзін з іх – на мяжы Дрэбска і Цны – пасля зімы давядзецца прыбіраць зноў. У сярэднім, адзначыў Дзям’ян Бірыла, на гэтыя работы даводзіцца расходаваць да 10 мільёнаў рублёў у год. Ці варта казаць, што для іх можна знайсці больш слушнае і карыснае прымяненне?
Напрыклад, на асвятленне. Для кожнага з населеных пунктаў раёна адна з найбольш набалелых праблем – асвятленне вясковых вуліц. Вёскі Гарадоцкага сельсавета не выключэнне. Летась гэта каштавала раённаму бюджэту больш як 110 мільёнаў рублёў. Тым не менш, сёння большасць вуліц, у тым ліку і перыферыйныя, асвятляюцца ўвечары і да пачатку дня, калі аўтаматычнае рэле выключае вулічныя ліхтары.
Больш прывабны выгляд набыла цэнтральная вясковая плошча. Гожым яе аздабленнем з’яўляецца помнік драўлянага дойлідства Свята-Мікалаеўская царква. Настаяцеля храма айца Дзмітрыя Грыба сёння трывожыць неабходнасць аднаўлення храма, але пакуль дакладнасці з гэтым няма. Між тым, царква хутка пачне адлічваць трэцяе стагоддзе: у 2018 годзе ёй споўніцца 200 год.
Сёння на цэнтральнай плошчы Кажан-Гарадка адраджаюцца даўнія гандлёвыя традыцыі: па выхадных вяскоўцам прапаноўваюць тавары з дзясятак прыезджых прадпрымальнікаў. Старшыня сельвыканкама паабяцаў, што работы па належнаму абсталяванню вясковага міні-рынка будуць працягнуты, што дасць стымул яго далейшаму развіццю. Мясцовыя ж гандляры аддаюць перавагу адкрыццю стацыянарных сучасных кропак. Сёння на тэрыторыі сельсавета, у тым ліку і ў Кажан-Гарадку, іх некалькі.
Далёка за межамі Кажан-Гарадка вядома мясцовая ўчастковая бальніца, пад дахам якой плённа працуе рэабілітацыйны цэнтр. І ў бальніцы, і ў цэнтры маюць магчымасць паправіць здароўе не толькі жыхары мястэчка і навакольных вёсак, але і іншых населеных пунктаў Лунінеччыны.
Дзіцячы, садок, сярэдняя школа, амбулаторыя, аптэка, каса АСБ “Беларусбанк”, аддзяленне сувязі, Дом культуры, бібліятэка, сучасныя магазіны (іх у Кажан-Гарадку два) з багатым асартыментам тавараў – гэтым наборам сацыяльных выгод сёння цяжка здзівіць звычайнага жыхара. Мы да гэтага прывыклі, як прывыкаюць да добрага і зручнага. І нельга сказаць, што не цэнім. І цэнім, і заўважаем. Ва ўсялякім выпадку, на агульным сходзе вяскоўцаў падчас сустрэчы з кандыдатамі ў дэпутаты абласнога Савета Эдуардам Гаўрылковічам і Мікалаем Арашкевічам сваёй прысутнасцю і перапоўненай залай сельскага Дома культуры людзі выказалі сімвалічную падтрымку добрым пераменам у вёсках сельсавета.
Разам з іншымі мае намер стаць дэпутатам сельскага Савета і ўраджэнка Кажан-Гарадка Паліна Караваевіч. Яна працуе фельчарам на машыне “Хуткай дапамогі”, клапоціцца пра здароўе землякоў і верыць, што гісторыя старажытнага мястэчка несумненна папоўніцца новымі светлымі старонкамі.
– Я ведаю людзей, яны ведаюць мяне, – гаворыць Паліна Васільеўна. – Прычым не толькі як фельчара, а як чалавека – зусім такога ж, як яны, бо ўсё жыццё жыву ў Кажан-Гарадку. Тут падрастае мая дачушка, і яе будучае, як будучае іншай дзетвары нашай вёскі, не можа не хваляваць. І вось дзеля гэтага будучага, упэўнена, 23 сакавіка мае землякі прыйдуць на выбарчы ўчастак. Іх справа, за каго галасаваць, галоўнае – ведаць і верыць: наш заўтрашні дзень – у нашых руках.
… А пакуль чарговую вясну ў Кажан-Гарадок на крылах прынеслі буслы. Велічныя птушкі вельмі любяць мястэчка, быццам абяцаючы яму доўгае і шчаслівае жыццё з абавязковым працягам у выглядзе дзяцінства.

Показать больше

Похожие статьи

2 комментария Комментариев

  1. Фотаздымкі – у друкаванай версіі 🙂

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть