Пакаранне з альтэрнатывай
Происшествия

Пакаранне з альтэрнатывай

суд

У заканадаўстве іншых краін распаўсюджаным з яўляецца заключэнне, так званай, здзелкі з правасуддзем. Раней крымінальнае заканадаўства нашай краіны не ведала такога паняцця. Зараз жа Законам Рэспублікі Беларусь №241-З ад 05.01.2015 г. унесены дапаўненні і змяненні ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія прадугледжваюць заключэнне дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве з падазраваемым.

Аб гэтым вядзем размову з намеснікам пракурора раёна Андрэем ЛУКАШЭВІЧАМ.

—    Што значыць дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве?

—    У адпаведнасці з артыкулам 6 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, гэта — пагадненне, якое заключаецца ў пісьмовым выглядзе паміж падазраваемым і пракурорам. У ім вызначаюцца абавязацельствы абвінавачваемага па аказанні садзейнічання папярэдняму следству і ўмовы наступлення адказнасці пры выкананні ім названых абавязацельстваў. Але, згодна з артыкулам 468-6, яно не можа быць заключана:

  • з асобамі, якія ўчынілі грамадска не-бяспечнае дзеянне ў стане непрытомнасці;
  • па крымінальных справах паскоранай вытворчасці;
  • у выпадку, калі садзейнічанне заключаецца ў паведамленні звестак толькі пра свой удзел у злачыннай дзейнасці.

—    Куды трэба звяртацца, каб заключыць дасудовае пагадненне?

—    Хадайніцтва падаецца на імя пракурора падазраваемым (абвінавачваемым) у пісьмовым выглядзе. Падпісваецца ім, яго адвакатам, а ў выпадку, калі падазраваемы з’яўляецца непаўналетнім, — таксама яго законным прадстаўніком. У хадайніцтве павінна ўтрымлівацца заява аб прызнанні віны ва ўчыненні злачынства, адлюстраваны дзеянні, якія ён абавязваецца здзейсніць у мэтах аказання садзейнічання папярэдняму следству, выкрыцці іншых саўдзельнікаў злачынства, вышуку маёмасці і набытага злачынным шляхам, а таксама дзеянні па кампенсацыі маёмаснага ўрону, выплаце даходу, атрыманага злачынным шляхам і іншае. Дадаткова можа ўзяць на сябе абавязацельства паведаміць вядомыя звесткі аб іншыіх злачынствах і асобах, якія іх учынілі. Падазраваемы (абвінавачваемы) мае права заявіць хадайніцтва пасля ўзбуджэння крымінальнай справы і да абвяшчэння яму аб заканчэнні папярэдняга расследавання. У выпадку заявы хадайніцтва ў перыяд правядзення дазнання крымінальная справа разам з хадайніцтвам неадкладна перадаецца следчаму для вытворчасці далейшага расследавання. Ён на працягу трох сутак накіроўвае хадайніцтва пракурору разам з даведкай аб магчымасці або немагчымасці заключэння з падазраваемым (абвінавачваемым) дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве. Столькі ж дзён адводзіцца на разгляд пракурору або намесніку. Хадайніцтва падазраваемага (абвінавачваемага), які ўчыніў злачынства, за якое адпаведным артыкулам Асаблівай часткі гэтага Кодэкса прадугледжаны пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне, разглядаецца Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь ці асобай, якая выконвае яго абавязкі, на працягу 10 сутак з моманту паступлення.

—    Па выніках разгляду якое рашэнне можа прыняць пракурор?

—    Варыянтаў усяго два: аб задавальненні хадайніцтва, на падставе чаго складаецца дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве, ці выносіцца пастанова аб адмове. Прычым, пастанова пракурора або яго намесніка абскарджванню не падлягае.

—    Якія перавагі маюць асобы, што ўчынілі злачынства, пры заключэнні дасудовага пагаднення?

—    Так, згодна з артыкулам 69-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, тэрмін або памер пакарання не можа перавышаць паловы максімальнага тэрміну або памеру найбольш строгага віду асноўнага пакарання, прадугледжанага адпаведным артыкулам Асаблівай часткі Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а ў выпадку ўчынення асобай цяжкага або асабліва цяжкага злачынства, спалучанага з замахам на жыццё або здароўе чалавека, — дзве трэці максімальнага тэрміну. За злачынства, за якое прадугледжана пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне, пры выкананні асобай, якая ўчыніла злачынства, абавязацельстваў, прадугледжаных дасудовым пагадненнем аб супрацоўніцтве, смяротнае пакаранне не прымяняецца.

Прадказваючы абывальніцкае разуменне такіх новаўвядзенняў у крымінальны працэс, трэба адзначыць, што гэта — не спосаб пазбегнуць справядлівага пакарання, а дзейсны механізм забяспечыць незваротнасць пакарання, пры адсутнасці якой строгасць губляе сэнс.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть